“Шапэнаўскі фестываль у плакаце”


Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь першым распачынае ўрачыстыя мерапрыемствы па святкаванню 200-годдзя з дня нараджэння выдатнага польскага кампазітара Фрыдэрыка Шапэна адкрыццём выстаўкі польскага сучаснага плаката “Шапэнаўскі фестываль у плакаце”. Выстаўка арганізавана са збору галерэі Кшыштафа Дыда (Кракаў) пры падтрымцы Польскага Інстытута ў Мінску.

У 2010 годдзе сусветнае грамадства святкуе 200-годдзе з дня нараджэння выдатнага кампазітара Фрыдэрыка Шапэна. У гэтым жа годдзе, які будзе абвешчаны Годам Фрыдэрыка Шапэна, пройдзе XVI Міжнародны Шапэнаўскі конкурс у Варшаве, а таксама мноства культурных акцый да 160-годдзя са дня смерці майстра. Усе гэтыя даты, безумоўна, з'яўляюцца адпаведнай нагодай для прэзентацыі польскіх плакатаў, тэматыка якіх звязана са шматлікімі мерапрыемствамі, што адбываліся ў Польшчы і былі прысвечаны творчасці Ф. Шапэна.
Музычны геній Шапэна і яго адданасць Радзіме былі і застаюцца натхненнем для творцаў з іншых галін мастацтва і літаратуры, спробай апісаць музыку кампазітара, наблізіць яе да нас. Адным з такіх прыкладаў з'яўляецца мастацкі плакат.
Сярод прадстаўленых на выстаўцы плакатаў, а іх будзе каля 70, выразна вылучаюцца групы, звязаныя з канкрэтнымі музычнымі падзеямі. Найбольш важная з іх –плакаты прысвечаныя Міжнароднаму Шапэнаўскаму Конкурсу, які цыклічна, кожныя пяць гадоў, пачынаючы з 1927 года (з перапынкам, выкліканым Другой сусветнай вайной), адбываюцца ў Варшаве.
Наступная група – плакаты да штогадовых конкурсаў – Міжнароднага фестывалю «Шапэн у колерах восені» ў г. Антонін і Міжнароднага фестывалю ў г. Душнікі Здруй.
Іншая частка плакатаў – гэта юбілейныя выданні, конкурсныя прагляды, шапэнаўскія ўрачыстасці, выставы, фільмы, канцэрты, а таксама мерапрыемствы арганізаваныя Таварыствам імя Фрыдэрыка Шапэна ў Варшаве. Прадстаўленыя на выставе плакаты створаны выдатнымі польскімі мастакамі-плакацістамі: Хенрык Тамашэўскі, Тадэвуш Трэпкоўскі, Ян Младажэнец, Раман Цесьлевіч, Мацей Урбанец, Браніслаў Зелек, Караль Слівка, Рослаў Шайбо і інш. Творы былі адабраны з ліку больш як 200 прац.
“Шапэнаўскі фестываль у плакаце” – не першы праект, рэалізаваны ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь сумесна з Галерэяй Кшыштафа Дыда і Польскім Інстытутам у Мінску. Так, у 2007 адбылася выстаўка “Майстры польскага плаката”, якая выклікала шчырую зацікаўленасць як у спецыялістаў, так і ў наведвальнікаў музея.

44