Выстаўка Ты з Заходняй, Я з Усходняй Нашай Беларусі. Мiнск


Выстаўка
"Ты з Заходняй,
Я з Усходняй
Нашай Беларусі." (Я.Купала)
Выстаўка прысвечана 70-годдзю ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР. Арганізавана з удзелам Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, Беларускага дзяржаўнагна архіва кінафотафонадакументаў, Дзяржаўнага архіва Расійскай Федэрацыі і Расійскага дзяржаўнага архіва сацыяльна-палітычнай гісторыі.

Падзеі, што адбываліся восенню 1939 г., займаюць асобнае месца ў айчыннай гісторыі.
У верасні – лістападзе 1939 г. завершылася тэрытарыяльная і этнапалітычная кансалідацыя беларускага народа, Беларусь умацавала сваю дзяржаўнасць.
Працэсы аб’яднання праходзілі ў пачатку Другой сусветнай вайны. Еўропа знаходзілася напярэдадні сусветнай катастрофы. Для савецкага кіраўніцтва ва ўмовах новай расстаноўкі сіл ва Усходняй Еўропе быў шанц змяніць заходнія межы краіны, усталяваныя згодна з Рыжскім дагаворам 1921 г.
Раніцай 17 верасня войскі Чырвонай Арміі перайшлі савецка-польскую мяжу. Большасць насельніцтва Заходняй Беларусі ўступленне войск успрыняла як акт гістарычнай справядлівасці.
28–30 кастрычніка Народны сход, які праходзіў у Беластоку, прыняў Дэкларацыю аб уваходжанні Заходняй Беларусі ў склад БССР. 2 лістапада 1939 г. у Маскве 5-я пазачарговая сесія Вярхоўнага Савета СССР прыняла закон «Аб уключэнні Заходняй Беларусі ў склад СССР з уз’яднаннем яе з БССР». Пачаўся працэс сацыяльна-эканамічнай і культурнай рэарганізацыі жыцця краіны, які быў доўгім і супярэчлівым…
Выстава з’яўляецца вынікам творчага супрацоўніцтва Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў, Дзяржаўнага архіва Расійскай Федэрацыі, Расійскага дзяржаўнага архіва сацыяльна-палітычнай гісторыі. У экспазіцыі прадстаўлены дакументы, большая частка каторых раней мела сакрэтны характар, а таксама фотаздымкі, геапалітычныя карты, агітацыйныя транспаранты, мемарыяльныя прадметы дзеячоў Камуністычнай парті Заходняй Беларусі, рэчы побыту жыхароў Заходняй Беларусі.

302