«Памяць стагоддзяў» выстаўка твораў мастака-графіка Г.М. Бараноўскай


17 лістапада 2009 года ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь пачала працаваць выстаўка твораў мастака-графіка Галіны Мікалаеўны БАРАНОЎСКАЙ (Плотнікавай). Выстаўка праходзіць у рамках Года роднай зямлі і прысвечана гістарычным мясцінам Заслаўя і Станькава.

Бараноўская (Плотнікава) Галіна Мікалаеўна нарадзілася 22 мая 1936 года ў г.Іркуцку. Скончыла архітэктурны факультэт Навасібірскага інжынерна-будаўнічага інстытута. Член Саюза архітэктараў Расіі (1970г.), член Саюза мастакоў Беларусі (1993г.), мастак-графік.

На выстаўке “Памяць стагоддзяў” прадстаўлена каля 70 твораў выкананых у акварэлі і каляровым алоўкам. Экспазіцыя складаецца з 2-х серый “Сказ пра Заслаўе” (1992-2007гг.) і “Станькава” (1998 – 2000 гг.). Сваімі творамі мастак імкнецца паказаць прыгажосць гістарычна значных мясцін Беларусі праз стары Заслаўль і Станькава – былы маёнтак графоў Чапскіх (маёнтку 450 год). Спрабуе прабудзіць любой да радзімы праз рэалістычныя творы: пейзажы, архітэктурныя памятнікі ў ландшафце.
У аснове творчага метаду Галіны Бараноўскай ляжыць выключна работа з натуры. Гэта дазваляе аўтару глыбей пранікнуцца жыватворчасцю старадаўняў храмавай архітэктуры і перадаць непаўторнаць уражанняў ад сустрэчы з прыгажосцю свету. Увогуле для творчасці Галіны Бараноўскай характэрны серыйны падыход (цыклы “Жыровіцкі манастыр” (1989 - 1999 гг.), “Пасынкі Беларусі” (1987 - 1999 гг.), “Віды Мінска” (1987 - 2007 гг.), “Стары Арзамаз” (1991 г.); “Суздаль” (1989 г.), “Сказ аб Заслаўі” (1992 - 2007 гг.), “Прага”, (1987 – 1995 гг.) і інш.). Гэта і зразумела. Уменне раскрыць зменлівыя рысы архітэктуры, прыроды, сціплую чароўнасць букета кветак, якія адчуваюцца толькі мастаком, захапляе і заклікае зноў звяртацца да таго ці іншага сюжэта.
Тэхнічная манера графічных твораў Галіны Мікалаеўны разнастайная. Акварэль па сырому прыводзіць да з’яўлення колеравых і светлавых пераходаў (“Царква прэп. Ефрасінні Полацкай”, 1992 г.; “Станькава. Скарбніца”, 1989 г.), тонкіх расцяжак (“Царква св. Казьмы і Даміана ў Суздалі”, 1989 г.; “Заслаўе. Фарпост”, 2005 г.), акцэнтавання грызайльнага ці дэкаратыўнага зместу (“Мінск. Царква Аляксандра Неўскага, 1987г.)У апошнія гады Галіна Мікалаеўна працуе і каляровымі алоўкамі. Вытанчаная карпатлівая тэхніка дазваляе аўтару напоўніць кожную работу адчуваннем асаблівай рукатворнасці (“Адзінства. Панарама вала ў Заслаўі”, 2004 г.; “Першыя маразы”, 2004 г.; “У старыцы Свіслачы”, 2006 г.).

194