“Саксонскае люстра” і Магдэбургскае права – асновы Еўропы”


Упершыню Нацыянальны музей гісторыі і культуры Беларусі сумесна з Зямельным цэнтрам палітычнай адукацыі Федэральнай зямлі Саксонія-Ангальт прадстаўляе выстаўку “Саксонскае люстра” і Магдэбургскае права – асновы Еўропы”. Выстаўка праходзіць у рамках святкавання 510-годдзя надання Мінску (1499) Магдэбургскага права.

Выстаўка складаецца з некалькіх частак і дае ўяўленне пра гісторыка-прававы партрэт Цэнтральнай Германіі ў Сярэднявечча. Экспазіцыя прысвечана ўзнікненню самага значнага ў Германіі зборніка права – “Саксонскага люстра” і функцыянаванню феадальнага гарадскога Магдэбурскага права. Выстаўка расказвае пра сярэдневяковую постаць складальніка “Саксонскага люстра” Эйке фон Рэпкаў і пра ўнесак “Саксонскага люстра” ў еўрапейскае правазнаўства. Наведвальнікі змогуць пазнаёміцца з друкаванымі выданнямі XVI ст. (Лейпцыг) і манетамі XII–XIII стст. (моріцпфенінгі і брактэаты), а таксама з шырокім ілюстрацыйным матэрыялам.
“Саксонскае люстра” – помнік германскага права XIII ст., заснаванага на традыцыях няпісанага звычаёвага права. Асобныя артыкулы гэтага помніка рэгулююць некаторыя пытанні “дзяржаўнага” права, як мы зараз яго б назвалі, а таксама формы кіравання. “Дзяржаўнае” права Германіі на працягу стагоддзяў значна адрознівалася ад “дзяржаўнага” права іншых краін кантынентальнай Еўропы. Ва ўводзінах да “Саксонскага люстра” яго складальнікам названы Эйке фон Рэпкаў (каля 1180 – каля 1233 г.). У сваім запісе права Эйке хацеў зафіксаваць звычаёвае права насельніцтва Саксоніі. Вядомы зараз тэкст з’яўляецца далейшай распрацоўкай першапачатковай рэдакцыі. Да гэтага часу ўдалося выявіць каля 460 яго рукапісных варыянтаў. “Саксонскае люстра” сёння не мае больш прававой моцы. У некаторых землях Германіі яго час скончыўся толькі з прыняццем Германскага грамадзянскага кодэкса (1900), які дзейнічае і цяпер.
Другая частка выстаўкі прысвечана феадальнаму гарадскому праву горада Магдэбурга, якое ўзнікла ў XIII ст. і дзейнічала ў гарадах Усходняй Германіі, Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Яно вызначала становішча мяшчан і пашыралася толькі на паўнапраўных жыхароў горада, членаў гарадской абшчыны, давала гарадам самакіраванне, судовы імунітэт, падатковыя льготы, правы валодання зямлёй, ільготы ў рамеснай і гандлёвай дзейнасці гараджан, вызвалення ад воінскай павіннасці. Магдэбургскае права было сфарміравана на падставе рамана-германскага права. У ім выкарыстаны некаторыя нормы “Саксонскага люстра” з больш дэталёвай распрацоўкай нормаў, якія рэгулявалі таварна-грашовыя адносіны. У Беларусь Магдэбургскае права прыйшло з Польшчы. У Вялікім Княстве Літоўскім першую грамату на Магдэбургскае права атрымала Вільня (22.3.1387), пасля Брэст (1390), потым Гродна (1391), Слуцк (1441), Полацк (1498), Мінск (1499) і іншыя, а ў XVI–XVIII ст. магдэбургскае права атрымалі амаль усе буйныя і сярэднія гарады Беларусі, а таксама некаторыя мястэчкі.
У цесным звязку з Магдэбургскім правам “Саксонскае люстра” трапіла ў розныя вобласці Ўсходняй і Цэнтральнай Еўропы: Сілезію, Польшчу, на землі Тэўтонскага ордэна, у Прыбалтыку, Украіну, Беларусь, Багемію, Маравію, Славакію, Венгрыю.

204