Выстаўка «Рытм-Квант»


20 жніўня 2019 года а 16-й гадзіне ў Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры адбудзецца адкрыццё выстаўкі да юбілею

мастака-афарміцеля Уладзіміра Кандрацьева «Рытм-Квант»

 

Уладзімір Дзмітрыевіч Кандрацьеў нарадзіўся 19 жніўня 1939 года ва ўкраінскім горадзе Шостка, вучыўся ў студыі члена Саюза мастакоў СССР Ю. С. Пратапопава ў Адэсе, скончыў Растоўскае мастацкае вучылішча імя М. Б. Грэкава (г. Растоў-на-Доне) і Вышэйшыя мастацка-прамысловыя курсы пры Саюзе мастакоў СССР. Член Беларускага саюза мастакоў з 1987 г.

Прафесійная дзейнасць Уладзіміра Кандрацьева цесна звязана з беларускай музейнай справай. Уладзімір Дзмітрыевіч — аўтар мастацкага афармлення экспазіцый Музея гісторыі Акадэміі навук БССР (1989), Музея літаратуры ў Віцебску (1990–1998), Музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры (2001–2008), Музея Уладзіміра Мулявіна ў Белдзяржфілармоніі (2005), Музея сучаснай беларускай дзяржаўнасці (2012) і іншых. Афарміцель экспазіцый краязнаўчых музеяў у Лепелі, Светлагорску, Івянцы і Століне. Плённа супрацоўнічае з Нацыянальным гістарычным музеем Рэспублікі Беларусь: выстаўкі «Слуцкія паясы» (2005), «Вайна 1812 г. у гісторыі г. Мінска» (2011) і іншыя. Уладзімір Дзмітрыевіч — аўтар і выканаўца мастацкай канцэпцыі выстаўкі «1937 год у жыцці савецкай Смаленшчыны» ў Музейна-выставачным цэнтры мемарыяла «Катынь» (Расійская Федэрацыя). Удзельнік і афарміцель выставак у Палацы мастацтва, удзельнік Міжнароднай выстаўкі «Арт.Тэатр.Музей» ў Санкт-Пецярбургу (2008, 2009).

На выстаўцы будуць прадстаўлены творчыя работы мастака.

Выстаўка дэманструецца з 20 жніўня па 1 верасня.

 

162