Выстаўка “Музыка Перамогі”


Выстаўка «Музыка Перамогі». Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры. г. Мінск, 2018 г.

З 8 мая ў Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры
пачынае працаваць выстаўка “Музыка Перамогі”
(да 100-годдзя з дня нараджэння народнага артыста Беларусі
ваеннага дырыжора Барыса Міхайлавіча Пянчука)

Народны артыст Беларусі Барыс Міхайлавіч Пянчук – адзіны наш зямляк, якому выпала дырыжыраваць легендарным парадам Перамогі 9 мая 1945 года ў Маскве на Чырвонай плошчы.

Нарадзіўся Барыс Міхайлавіч 15 мая 1918 года. Кінуў школу і паступіў вучнем слесара ў першы механічны цэх Пуцілаўскага завода. Іграў у самадзейным духавым аркестры завадскога клуба і неўзабаве стаў адным з найлепшых яго музыкаў.

У 1936 годзе Барыс Міхайлавіч пайшоў добраахвотнікам у Чырвоную Армію і стаў салістам-трубачом аркестра 201-га стралковага палка. Быў паранены ў руку. 9 мая 1945 года ўдзельнічаў у Парадзе Перамогі на Чырвонай плошчы ў Маскве: генерал-маёр Чарнецкі, які ўзначальваў зводны музычны калектыў, у той беспрэцэдэнтна адказны і трыумфальны момант сваёй правай рукой прызначыў франтавіка і дырыжора Барыса Пянчука, якому было 27 гадоў.
У мірны час быў дырыжорам аркестраў вайсковых часцей, штаба Ленінградскай ваеннай акругі, начальнікам ваенна-аркестравай службы. У 1962 годзе пераведзены ў Мінск. Аўтар марша «Партызаны Беларусі», «Беларускага марша», «Страявога марша», шматлікіх апрацовак і перакладаў твораў беларускіх кампазітараў.

Удастоены звання «Народны артыст БССР», лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола БССР (1972 год). У лістападзе 2003 года за заслугі ў развіцці нацыянальнай музычнай культуры і актыўны ўдзел у грамадска-палітычным жыцці краіны Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка ўручыў Барысу Пянчуку медаль Францыска Скарыны.

Памёр Барыс Міхайлавіч Пянчук у 2009 годзе.

На выстаўцы прадстаўлены экспанаты з фондаў музея і архіва сям’і артыста: асабістыя рэчы, узнагароды, дакументы і фотаздымкі.

Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры
Адрас: г.Мінск, зав. Музычны, 5
Штодня з 10.00 да 17.30
тэл. 220-26-67
theatre-museum.by
#dommasonay

106