Музейныя чытанні ў рамках экспазіцыі “Беларусь: адраджэнне духоўнасці” і з нагоды 50-годдзя адкрыцця экспазіцыі Дзяржаўнага музея БССР

30.11.2017
01.12.2017

На працягу 2-х дзён – 30 лістапада і 1 снежня – Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь праводзіць традыцыйныя Музейныя чытанні. На гэты раз яны праходзяць у рамках экспазіцыі “Беларусь: адраджэнне духоўнасці” і з нагоды 50-годдзя адкрыцця экспазіцыі Дзяржаўнага музея БССР.

15 снежня 1956 года Савет Міністраў БССР распарадзіўся стварыць арганізацыйную групу для правядзення падрыхтоўчых работ па адкрыцці Беларускага дзяржаўнага гісторыка-краязнаўчага музея. Музей пад новай назваю – Дзяржаўны музей БССР – пачаў сваю працу ў 1964 годзе, яго экспазіцыя адкрылася ў лістападзе 1967 года. У яе ўваходзілі раздзелы, прысвечаныя гісторыі Беларусі ад першабытнага ладу да 1960-х гадоў, а таксама раздзел прыроды. Яна была пабудавана ў адпаведнасці з афіцыйнай марксісцка-ленінскай канцэпцыяй гістарычнага працэсу. Пасля распаду СССР экспазіцыя была дэмантавана, і ў 1992 годзе створана стацыянарная экспазіцыя “Старажытная Беларусь”.

Наступная нагода правядзення Чытанняў – экспазіцыя “Беларусь: адраджэнне духоўнасці”, якая адкрылася ў музеі 6 верасня 2017 года ў рамках Дня беларускага пісьменства. Адна з задач экспазіцыйнага праекта – паказаць здабыткі музеяў краіны ў справе захавання і прэзентацыі помнікаў гісторыка-культурнай спадчыны, іх значэнне для адраджэння духоўнасці.

У Чытаннях прымаюць удзел музейныя спецыялісты з 15-ці рэспубліканскіх, абласных і раённых музеяў сістэмы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, а таксама навукоўцы Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, выкладчыкі гістарычных дысцыплін Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, прыватныя калекцыянеры. У выступленнях будуць агучаны новыя матэрыялы, прысвечаныя гісторыі музейнай справы Беларусі, прэзентаваны новыя музеі і новыя музейныя экспазіцыі, міжнародны вопыт у галіне музейнай справы, узнімацца пытанні вывучэння, захавання і рэстаўрацыі музейных калекцый.