Выстава графічных твораў мінскага мастака Уладзіміра Шаркова


З 23 кастрычніка па 20 лістапада бягучага года ў Галерэі Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь працуе выстава графічных твораў мінскага мастака Уладзіміра Шаркова.

Уладзімір Шаркоў нарадзіўся ў Мінску ў 1963 годзе. Пасля вучобы ў Мінскім мастацкім вучылішчы паступіў у Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. Выкладчыкамі Уладзіміра былі вядучыя беларускія мастакі Май Данцыг, Пётр Крохалеў і іншыя. У 1964 годзе прыняты ў Беларускі саюз мастакоў.

Аматарам выяўленчага мастацтва Шаркоў больш знаёмы як аўтар краявідаў Мінска. Яго творы, прысвечаныя сталіцы, не раз экспанаваліся на персанальных выставах у музеях і галерэях горада. Гэта стары Мінск – Траецкае прадмесце, Верхні горад, культавыя пабудовы мінулых стагоддзяў.
Гэтым разам мастак прапануе гледачам выставу, прысвечаную архітэктурным помнікам Беларусі. Руіны замка ў Крэве, сядзіба ў Пружанах, вежа-данжон у Камянцы, сядзіба Чапскіх“Скарбчык” у Станькаве і шмат іншага адлюстроўваюць шматвекавую гісторыю краіны. Адны з іх авеяны легендамі, іншыя – звязаны з жыццём і дзейнасцю выбітных асоб. Але ўсе яны сталі неад’емнай часткаю айчыннай гісторыі і культуры, сведкамі высокага ўзроўню развіцця архітэктуры на беларускіх землях.

Творы Уладзіміра Шаркова захоўваюцца ў зборах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, Музея сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, Муніцыпальнага музея Ф. Бландэна ў горадзе Невэр (Францыя) і шэрагу іншых музеяў.

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь
Адрас: г.Мінск, вул. К. Маркса, 12,
Штодня з 11.00 да 19.00,
тэл. (017) 327 43 22, 327 00 05
histmuseum.by
101