Перасоўная выстава “Смакі Беларусі”


12 верасня 2014 г. у Варшаве Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь сумесна з Культурным цэнтрам Беларусі ў Рэспубліцы Польшча прэзентуе перасоўную выставу “Смакі Беларусі”.

Кожны народ мае сваю гістарычна вызначаную кухню. Ежа – гэта не толькі натуральная патрэба, ежа – гэта культурная з’ява, якая адлюстроўвае духоўныя традыцыі, гаспадарчы ўклад, народныя веды, этыкет, звычаі і абрады. Беларускія гаспадыні спрадвеку валодалі высокім кулінарным майстэрствам, мастацтвам ператвараць простыя прадукты харчавання ў дэлікатэсныя стравы. Нездарма старадаўнія нацыянальныя стравы захаваліся і па сённяшні дзень.

Складана адным словам апісаць шматвекавыя кулінарныя традыцыі нашага краю. Магчыма, яны маюць смак жытнёвых пернікаў з мёдам альбо шчодры прысмак мачанкі, ці насычаны водар морсу. Выстава “Смакі Беларусі” прэзентуе лепшыя традыцыйныя стравы, ад заціркі і дранікаў да вергуноў і збітня. І дапамагае кожнаму вызначыць на свой густ – які ж смак мае Беларусь.

Выстава арганізавана пры ўдзеле Культурнага цэнтра Беларусі ў Варшаве і кулінарнага знаўцы Алены Мікульчык.

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь
Адрас: г. Мінск, вул. К. Маркса, 12,
Штодня з 11.00 да 19.00,
тэл. (017) 327 43 22, 327 00 05
histmuseum.by

103