Міжнародны праект – выстава “Рэчы паміж жыццём і смерцю” з Музея Арміі (Стакгольм, Швецыя)


“Рэчы паміж жыццём і смерцю”

Міжнародны праект – выстава «Рэчы паміж жыццём і смерцю» з Музея Арміі (Стакгольм, Швецыя)Міжнародны праект – выстава “Рэчы паміж жыццём і смерцю” з Музея Арміі (Стакгольм, Швецыя) у Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь працягвае работу да 14 верасня.

Гэта вялікі беларуска-шведскі праект тэрмінам у год, які мае на мэце ахапіць як мага болей зацікаўленых гледачоў і прадэманстраваць выставу ў буйнейшых гарадах краіны. Выстава “Рэчы паміж жыццём і смерцю” складаецца з тысячы дробных прадметаў, неабходных для выжывання ў акопах.

Перавярніце салдата дагары нагамі і акурат убачыце гэтыя рэчы, бо яны выпадуць з яго кішэняў. Фотаздымкі родных, лыжкі, карты для гульні, прылады для галення, музычныя інструменты, лекі, вайсковы рыштунак самых розных краін і войнаў ХХ ст. Але гэта адны і тыя ж рэчы. Амерыканцы, немцы, рускія, японцы маюць адны і тыя ж патрэбы. Гэтыя рэчы сімвалізуюць розніцу паміж жыццём і смерцю, а таксама тое, што і на вайне ёсць будні, падчас якіх салдат гатуе, бавіць час, сумуе, жартуе, мыецца, паліць. Чалавек застаецца чалавекам.

Выстава распавядае пра паўсядзённае жыцце падчас войнаў, носіць апалітычны і гуманістычны характар. Яна падрыхтавана Музеем Арміі ў Стакгольме ў супрацоўніцтве з вядомым калекцыянерам Турб’ёрнам Ленскугам, які сабраў і адабраў для паказу ўсе экспанаты.

Выстава “Рэчы паміж жыццём і смерцю” прэзентавалася ў Швецыі ў 2010 г., яна ўзнагароджана Залатой прэміяй і названа самай эстэтычнай выставай года. Выстава пабывала ў Нарвегіі, Бельгіі, Польшчы. У 2014 г. настаў час Беларусі, і Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь рады прадставіць беларускай грамадскасці гэты годны міжнародны праект.

Выстава ўжо з поспехам распачала экспанаванне ў Гродне з красавіка 2014 г. З сярэдзіны ліпеня да верасня “Рэчы паміж жыццём і смерцю” будуць прадстаўлены ў Мінску, пазней ініцыятыву экспанавання перахопіць Гомель, Магілёў і Брэст.

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь
Адрас: г. Мінск, вул. К. Маркса, 12,
Штодня з 11.00 да 19.00,
тэл. (017) 327 43 22, 327 00 05
histmuseum.by

201