Музейныя чытанні, прысвечаныя 105-годдзю заснавання Мінскага царкоўнага гісторыка-археалагічнага музея і 90-годдзю стварэння Беларускага Дзяржаўнага Музея


29 лістапада а 10-й гадзіне ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь пачынаюць працаваць Музейныя чытанні, прысвечаныя 105-годдзю заснавання Мінскага царкоўнага гісторыка-археалагічнага музея і 90-годдзю стварэння Беларускага Дзяржаўнага Музея.
Мінскі царкоўны гісторыка-археалагічны музей заснаваны ў 1908 г. Мінскім царкоўным гісторыка-археалагічным камітэтам у ходзе мерапрыемстваў Беларускай праваслаўнай царквы па ўшанаванні памяці князя Канстанціна Астрожскага. Збор музея складалі 1 363 музейныя прадметы: этнаграфічныя матэрыялы, прадметы літургічнага характару, калекцыя нумізматыкі, рукапісныя кнігі, сярод якіх Тыпікон (XVI ст.), Апостал (XVI ст.), Мінея агульная (канец XVII ст.), Сінопсіс (XVIII ст.). Архіў Слуцкага Троіцкага манастыра, гэтаксама як і іншыя музейныя прадметы і калекцыі са збору Мінскага царкоўнага музея, сёння захоўваецца ў фондах Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь. У 1913 г. адмыслова для музея быў узведзены будынак на архірэйскім падвор’і. На адкрыцці музейнага будынка ўладыка Мітрафан сказаў: “Ад сённяшняга часу праваслаўныя рускія людзі не толькі горада Мінска, але і Мінскай епархіі будуць мець свой асабісты куток, дзе знойдзе сваё месца ўсё, што прасякнута духам праваслаўнай веры, што звязана з гісторыяй шматпакутнай правслаўнай царквы ў нашым краі…”. З пачаткам Першай сусветнай вайны музейныя калекцыі былі эвакуяваны ў Разань. У 1922 г. іх перадалі Беларускаму Дзяржаўнаму Музею.
Беларускі Дзяржаўны Музей да 1923 г. існаваў як Абласны музей. Размяшчаўся ў будынку былога архірэйскага дома. У адпаведнасці з “Палажэннем”, распрацаваным музейнай камісіяй Акадэмічнага цэнтра Народнага камісарыята асветы БССР на чале з П.Харламповічам, Беларускі Дзяржаўны музей выконваў ролю цэнтральнай установы для захоўвання прадметаў і калекцый мастацкага, гісторыка-археалагічнага і этнаграфічнага характару, якія маюць агульнарэспубліканскае значэнне. Аснову калекцый складалі матэрыялы Мінскага царкоўнага гісторыка-археалагічнага музея і Таварыства аматараў прыроды і археалогіі. Музей складаўся з пяці аддзелаў: гісторыка-археалагічнага, нумізматычна-сфрагістычнага, этнаграфічнага, мастацкага, царкоўна-археалагічнага. Музей меў архіў рукапісных дакументаў і навуковую бібліятэку. Асаблівую каштоўнасць уяўлялі рукапісы і кніжныя выданні XV–XVIII стст., скарбы X–XVIII стст., абразы Беларускай іканапіснай школы, слуцкія паясы, узоры беларускага нацыянальнага адзення, рыцарскія даспехі XVI ст., агняпальная і халодная зброя з Нясвіжскага замка і інш. Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў зборы музея было больш за 60 тысяч прадметаў, большасць з іх была разрабавана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Адносна невялікую колькасць музейных прадметаў выратавалі савецкія войскі ва Усходняй Прусіі. Ацалелыя калекцыі пасля вайны былі размеркаваны паміж музеямі і часткова перададзены ў збор Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь. У розныя гады дырэктарамі музея былі П.Харламповіч, В.Ластоўскі, С.Рак-Міхайлоўскі.
У Музейных чытаннях прымаюць удзел навуковыя супрацоўнікі музеяў Беларусі, выкладчыкі гістарычных дысцыплін, прыватныя калекцыянеры. Тэматыка выступленняў: гісторыя збораў ўзгаданых музеяў, даследаванні, звязаныя з сучаснымі музейнымі калекцыямі.

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь
Адрас: г.Мінск, вул. К. Маркса, 12,
Штодня з 11.00 да 19.00, тэл. для даведак 017 327 43 22, 327 00 05
histmuseum.by

165