“Экспануецца ўпершыню” (з паступленняў 2012 - 2013 гг. у збор Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь)


17 кастрычніка а 17-й гадзіне ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь у межах адкрыцця выставы “Экспануецца ўпершыню” (з паступленняў 2012 - 2013 гг. у збор Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь) адбудзецца віншаванне тых без каго не атрымалася б гэтая экспазіцыя. Акцыя ствараецца з мэтай працягнення ўвагі грамадкасці да праблем музея.
“Экспануецца ўпершыню” – пятая ў серыі выстаў доўгатэрміновага праекта, рэалізацыя якога пачалася ў 2009 годзе. Мэты названага праекта – пазнаёміць шырокую грамадскасць з новымі паступленнямі музея, а таксама выказаць удзячнасць тым людзям і арганізацыям, якія зрабілі дар альбо дапамаглі музею набыць прадметы высокай культурна-гістарычнай каштоўнасці.
Прадстаўленыя на выставе экспанаты – лепшае з таго, чым узбагаціўся збор музея ў перыяд з чэрвеня 2012 – па кастрычнік 2013 г. Для выставы адабраны прадметы з калекцый дакументаў, мэблі, выяўленчага мастацтва, старадрукаваных кніг, карт, фатаграфій, зброі і інш.
Рэчавыя помнікі выставы ахопліваюць перыяд з сярэдзіны ХVII да ХХI стст. Першая частка экспазіцыі нагадвае нам пра жыццё насельніцтва калі тэрыторыя нашай краіны знаходзілася ў складзе Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі. Наступная імітуе паўсядзённы побыт 1950 - х гг. ХХ ст., трэцця адлюстроўвае цяперашні час. Сярод прадстаўленых музейных прадметаў найбольшую цікавасць, выклікаюць экспанаты з калекцый мэблі і метала, бо дзе яшчэ можна ўбачыць камод сярэдзіны ХIХ ст. і нямецкую швейную машынку з нажным прывадам вытворчасці 1890 г.?
Жаночая частка публікі будзе прыемна здзіўлена, убачыўшы на выставе жаночы куток модніц 1950-х гг. Тут можна ўбачыць прадметы вопраткі, упрыгожванні і часопісы мод. Знайшлося на выставе месца і для маляўнічых вокладак літаратурна-мастацкага часопіса "Маладосць", клапатліва захаваных і прадстаўленых галоўным яго рэдактарам С. Дзянісавай. На іх – сучасніцы і сучаснікі нашых бацькоў са шчаслівай усмешкай пасылаюць прывітанне з сярэдзіны мінулага стагоддзя.
Калекцыя зброі зацікавіць кожнага сапраўднага мужчыну, бо на выставе экспануецца як халодная, так і агнястрэльная зброя часоў Першай сусветнай вайны і нашых дзён, вытворчасці ЗША, Германіі, СССР.
Сярод іншага прадстаўлены мемарыяльныя рэчы, дакументы і фатаграфіі дзеячаў нашай краіны. Напрыклад, матэрыялы перыяду Вялікай Айчынай вайны і асабістыя дакументы Б.Сцяпанава, беларускага фізіка, заснавальніка навуковай школы па спектраскапіі і лазернай фізіцы, а таксама архіўныя матэрыялы першага міністра замежных спраў БССР К.Кісялева, якія адлюстроўваюць яго міжнародную дзейнасць у ААН.
Дапоўняюць вобраз выставы акварэлі У. Кіркевіча, беларускага мастака, які пражывае ў г. Феадосія (Крым). Яго працы адлюстроўваюць архітэктуру мястэчкаў і гарадоў Беларусі.
Музей выказвае вялікую падзяку ўсім, хто далучыўся да памнажэння нашай агульнай гісторыка-культурнай спадчыны.Сярод іх не толькі дзяржаўныя ўстановы, але і прыватныя асобы.

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь
Адрас: г.Мінск, вул. К. Маркса, 12,
Штодня з 11.00 да 19.00,
тэл. для даведак 327 43 22, 327 00 05
histmuseum.by

142