Прэзентацыя праектаў, рэалізаваных дзякуючы падтрымцы кампаніі Japan Tobacco International (JTI) у першым паўгоддзі 2011 года


Прэзентацыя праектаў
30. 06. 2011
15.00
30 чэрвеня 2011 года а 15-й гадзіне ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца прэзентацыя праектаў, рэалізаваных дзякуючы падтрымцы кампаніі Japan Tobacco International (JTI) у першым паўгоддзі 2011 года. Праграма:
• Брыфінг-прэзентацыя сумесных праектаў
• Урачысты акт падпісання дамовы паміж JTI і музеем аб вылучэнні 2-га транша
• Прэс-кактэйль
Запрашаем прыняць удзел і падцвердзіць сваю прысутнасць па тэл. 227-00-05.

Партнёрства паміж JTI і музеем накіравана на арганізацыю сумесных мерапрыемстваў па захаванні і прэзентацыі нацыянальнай гісторыка-культурнай спадчыны. Супрацоўніцтва ажыццяўляецца па такіх кірунках музейнай працы, як інфармацыйная, выдавецкая, рэстаўрацыйная дзейнасць. Узаемадзеянне паміж JTI і Нацыянальным гістарычным музеем – значны дадатак да шэрагу буйнамаштабных міжнародных праектаў, якія падтрымліваюцца кампаніяй.
Дзякуючы фінансавай падтрымцы кампаніі ў першым паўгодзі 2011 г. у Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь было рэалізавана 7 сумесных праектаў, сярод якіх тры прэзентуемых сёння:
1. Распрацаваны і створаны новы сайт музея (www.histmuseum.by)
2. Адрэстаўраваны цэхавыя харугвы ХІХ стагоддзя (харугва цэхаў музыкаў і харугва цэхаў ткачоў 1-й пал. ХІХ стагоддзя)
3. Выдадзены каталог “Брылёўскі скарб”, які распачынае новую серыю выданняў пад агульнай назвай “Скарбы Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь”.

ЦЭХАВЫЯ ХАРУГВЫ
Музейны збор Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь найбуйнейшы у краіне і налічвае звыш 370 тысяч адзінак музейных прадметаў. Для таго, каб прадставіць шырокай грамадскасці ўнікальныя экспанаты, большасці з іх патрабуецца дапамога рэстаўратараў. Так новае жыццё было дадзена двум цэхавым харугвам 1-й пал. ХІХ стагоддзя – вельмі рэдкім і ўнікальным артэфактам. Яны былі перададзены Беларускаму Дзяржаўнаму гісторыка-краязнаўчаму музею ў 1958 г. ад Белдзяржмузея гісторыі Вялікай Айчынай вайны. Да гэтага, у 1920–1930-яя гг. Харугвы знаходзіліся ў зборы Беларускага Дзяржаўнага музея ў аддзеле мастацтва.
Харугвы нагадваюць пра перыяд самакіравання беларускіх гарадоў XVI – XVIII ст. – часы Магдэбургскага права. Адным з вынікаў уводу незалежнай сістэмы гарадскога кіравання з’явілася стварэнне рамесных і гандлёвых цэхаў. Цэхавыя рамеснікі не толькі займаліся сваёй прафесійнай дзейнасцю, але бралі ўдзел у грамадскім жыцці, неслі воінскую і іншыя павіннасці. Кожны цэх меў свае сімвалічныя атрыбуты, галоўнымі з якіх з’яўляліся пячатка і сцяг альбо харугва. З аднаго боку харугвы змяшчаліся выявы патронаў – святых заступнікаў цэха, а з другога давалася выява герба, калі такі быў абумоўлены статутам, або эмблема, якая адлюстроўвала асноўныя віды прадукцыі ці характэрныя толькі для гэтага цэха інструменты і прылады. Так на харугве цэхаў музыкаў змешчана выява цара Давіда з лірай у руцэ, а з другога боку – выява двухгаловага арла, а на харугве цэхаў ткачоў– абраз Святога пакутніка Ануфрыя, з другога боку – надпіс “Знак ткацкай управы”.
З прычыны дрэннага стану захаванасці і наяўных пашкоджанняў экспанаванне прадметаў без рэстаўрацыі не ўяўлялася магчымым. У бліжэйшы час харугвы можна будзе ўбачыць у рамках выставачнага праека “Мінск 1812 года”.

КАТАЛОГ “БРЫЛЁЎСКІ СКАРБ”
Каталог “Брылёўскі скарб” распачынае новую серыю выданняў пад агульнай назвай “Скарбы Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь”. Серыю мяркуецца прысвяціць знаёмству з найбольш каштоўнымі і цікавымі музейнымі калекцыямі і прадметамі, якія з’ўляюцца сапраўднымі здабыткамі айчыннай гісторыка-культурнай спадчыны.
Брылёўскі скарб, які паступіў у музейныя фонды ў 2003 годзе, – адзін з найбольш адметных нумізматычных комплексаў Ранняга Сярэднявечча на тэрыторыі Беларусі. Ён складаецца са срэбных арабскіх манет – дзірхімаў, фрагментаў шыйнай грыўні, франкскага мяча і набору гірак для ўзважвання срэбра. У скарбе, як у своеасаблівам фатаграфічным адбітку, адлюстроўваюцца падзеі, што адбывася на беларускіх землях у канцы ІХ – пачатку ХІ стагоддзя. : фарміраванне гандлёвых шляхоў, што злучылі паміж сабой першыя гарады, – цэнтры дзяржаваўтваральных працэсаў, асяродкі кантактаў паміж прадстаўнікамі розных народаў. Прысутнасць у складзе скарбу арабскіх манет і франкскага мяча паказвае, наколькі шырокімі былі гандлёвыя зносіны нашых продкаў ужо ў тыя далёкія часы.

36