Выстаўка Экспануецца ўпершыню (з паступленняў Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь 2010 года)


Вытаўка Экспануецца ўпершыню (з паступленняў Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь 2010 года)

Гэтая экспазіцыя – трэцяя ў серыі выстаў доўгатэрміновага праекта “Экспануецца ўпершыню”, рэалізацыя якога пачалася ў 2009 годзе. Мэты названага праекта – пазнаёміць шырокую грамадскасць з новымі паступленнямі музея, а таксама выказаць удзячнасць тым людзям і арганізацыям, якія зрабілі дар альбо дапамаглі музею набыць прадметы высокай культурна-гістарычнай вартасці.
У 2010 годзе музей павялічыў свой збор – у яго фонд паступіла каля 3 тысяч прадметаў. Значна ўзраслі калекцыі фотаздымкаў, негатываў і дакументаў: у мінулым годзе ў музей быў перададзены вялікі архіў і асабістыя рэчы вядомага журналіста Аляксандра Дзітлава, франтавога карэспандэнта, сведкі вялікай эпохі. Матэрыялы перададзены дачкой журналіста В.А. Дзітлавай.
Прыватныя асобы – С.М. Урэцкая, даследчык гісторыі сувязі Э.М. Пятроўскі, вядомы фотамайстар, перакладчык В.В. Вядрэнка, знакаміты фатограф В.А. Качан і іншыя – перадалі ў дар шэраг прадметаў высокай гістарычнай і мастацкай значнасці. Шырокай увазе прадстаўлена кніга Казіміра Семяновіча “Вялікае мастацтва артылерыі” (1730 г.). Гэтае выданне цікавае сваім гістарычным кантэкстам – па ім у розныя часы вучыліся І. Ньютан, Пётр І, Напалеон Банапарт, гэтая кніга стала адкрыццём у галіне артылерыі і піратэхнікі.
Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, кампанія JTI, ААТ “Белзнешэканамбанк” вылучылі сродкі для набыцця твораў скульптуры, жывапісу і шэрагу старадрукаў XVII–XVIII стагоддзяў. У дар музею свае работы перадалі мастакі П.Ю Татарнікаў, Ю.М Несцярук, скульптар А.У. Батвінёнак. Калекцыю аўтарскіх экзэмпляраў плакатнай графікі перадаў мастак У.Я. Крукоўскі.
Прастора выставы нагадвае адкрытае захоўванне фондаў, гэта абумоўлена спецыфікай тэмы экспазіцыі. Папаўненне прадметамі збору музея адчувае толькі музей, гэта справа не бачна простаму наведвальніку. А гэта выстава дазваляе кожнаму “дакрануцца” і зазірнуць у фондасховішча. Далёка не ўсе прадметы адразу трапляюць у выставачную залу: большасць з іх патрабуе працы рэстаўратараў і неабходнай навуковай апрацоўкі, а некаторыя стануць цікавымі толькі ў аддаленай перспектыве альбо ў іншым кантэксце… Для выставы адабраны прадметы з калекцый дакументаў, фарфору, выяўленчага мастацтва, металу, зброі, адзення, філакартыі, кніг, фалерыстыкі, фотаздымкаў.

43