Выстаўка “Беларусь XVI–XVIII стагоддзяў у партрэтах і геральдыцы”


“Беларусь XVI–XVIII стагоддзяў у партрэтах і геральдыцы”

Экспазіцыя адлюстроўвае адзін з самых складаных і супярэчлівых перыядаў у гісторыі Беларусі – перыяд Рэчы Паспалітай. Палотны, што выстаўлены ў залах, сабраныя ў своеасаблівыя галерэі: кіраўнікоў і выдатных дзеячоў дзяржавы, прадстаўнікоў духавенства, шляхты. Родавыя галерэі, прадстаўленыя партрэтамі Завішаў і Радзівілаў, дапоўнены іх радаводамі, выкананымі на падставе найноўшых даследаванняў.
Прадметы з калекцыі зброі, уведзены ў экспазіцыю, падкрэсліваюць мужныя рысы асобаў на “сармацкіх” партрэтах. Калекцыя прадстаўлена рарытэтнымі ўзорамі халоднай і агнястрэльнай зброі. Вырабы з каштоўнага фарфору, вытанчаныя келіхі і флеты са шкла даюць падставу для размовы аб развіцці мануфактурнай вытворчасці па вырабу прадметаў раскошы.
У экспазіцыю таксама ўведзеныя жаночыя строі, выкананыя сучаснымі майстрамі па матывах крояў XVI–XVIII стст. Гэта не рэканструкцыі, але фантазійныя строі ў духу старасветчыны, у якіх прысутнічае віртуозна адноўленая ручная тэхніка выканання (аўтары – Л.С.Шылак і В.М.Матусевіч, мастакі па касцюму і дэкаратыўна-прыкладному мастацтву). Апроч таго, наведвальнікі маюць магчымасць аддаць належнае майстэрству сучаснай рэканструкцыі гербаў са старажытных гербоўнікаў (аўтарскія работы мастака А.Леўчыка).

106