Прэзентацыя гістарычнага каляндара “Беларуская скарбніца”


Прэзентацыя гістарычнага каляндара “Беларуская скарбніца”

18.01.2011
17.00

18 студзеня 2011 г. а 17-й гадзіне Нацыянальны гістарычны музеі Рэспублікі Беларусь, кампанія “Налан”, выдавецтва “Юніпак” ладзяць прэзентацыю насценнага перакіднога календара “Беларуская скарбніца” і іншых календароў гістарычнай тэматыкі, што пабачылі свет у перыяд 2000 – 2010 гг.
Супольная праца музея і выдавецтва доўжыцца больш за 10 гадоў. Вынікам яе сталі такія выданні, як “Гістарычны партрэт Вялікага Княства Літоўскага”, “Музейны веснік”, “Гістарычныя постаці Беларусі”, “Стары Менск”, “Слуцкія паясы”, “Мінскі скарб” – два апошнія выдадзены на сродкі Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва.
Намаганні музея і выдавецтва па прапагандзе айчыннай культуры, аднаўленню гістарычнай памяці, патрыятычнаму выхаванню апошнім часам актыўна падтрымлівае кампанія “Налан”. Супраца дзяржаўнай установы культуры і абодвух недзяржаўных прадпрыемстваў – добры прыклад пашырэння ў беларускім грамадстве ідэі сацыяльнай адказнасці бізнесу, яго нацыянальнай свядомасці.
Каляндар “Беларуская скарбніца” паказвае багатыя культурныя, мастацкія набыткі народу, многія з якіх захоўваюцца ў фондах музея: слуцкія паясы, старадрукі, абразы, музычныя інструменты, зброя, прадметы побыту.
Каляндар “Гістарычныя постаці Беларусі” прэзентуе партрэты выбітных асоб краю. Асновай выдання “Стары Менск” сталі паштоўкі XIX – пачатку XX ст., календары “Сядзібы музаў” – расповеды пра тое, як беларуская эліта мінулых часоў фарміравала культурныя асяродкі ў сваіх палацах, маёнтках у многіх кутках Беларусі. “Беларускія цэхі” закранае вытокі сучаснай вытворчасці, якія пачалі фарміравацца ва ўмовах Магдэбурскага права.
Календары на гістарычную тэму выдавецтва “Юніпак” шмат разоў былі адзначаны на Нацыянальным конкурсе “Мастацтва кнігі” як лепшыя. У значнай ступені гэтаму садзейнічалі творчыя высілкі вядомых беларускіх мастакоў Паўла Татарнікава, Ігара Гардзіёнкі, Рамана Сустава, якія годна прадстаўляюць школу беларускай графікі, што склалася ў Нацыянальнай акадэміі мастацтваў.

107