Аўтарская выстава Уладзіміра Ліхадзедава "Беларусь 1914–1918. Вайна і мір"

14.09.2018 16:00
11.10.2018 19:00

3 14 верасня па 11 кастрычніка 2018 года ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь будзе праходзіць аўтарская выстава Уладзіміра Ліхадзедава “Беларусь 1914–1918. Вайна і мір”.

14 верасня ў 16.00 у дворыку Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь адбудзецца адкрыццё выставы “Беларусь 1914–1918. Вайна і мір”, арганізаванай у межах аўтарскага праекта вядомага даследчыка Першай сусветнай вайны і прыватнага калекцыянера Уладзіміра Ліхадзедава “У пошуках страчанага”.

У лістападзе 2018 г. свет будзе адзначаць стагоддзе з дня заканчэння аднаго з самых крывавых узброеных канфліктаў у гісторыі чалавецтва – Першай сусветнай вайны. Сучаснікі называлі яе Вялікай вайной і спадзяваліся, што гэта будзе “вайна, якая пакладзе канец усім войнам”. Горкі досвед тых суровых гадоў даў людзям шэраг урокаў, і памятаць яго важна нават праз сто год – асабліва на фоне палітычных, сацыяльных і эканамічных канфліктаў, якія ахапілі сучасны свет.

Выстава “Беларусь 1914–1918. Вайна і мір” пройдзе ў абсалютна новым для Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь фармаце. Замест звыклых музейных залаў часовая экспазіцыя размясціцца ў старадаўнім будынку былых стайняў Мінскага аддзялення Дзяржаўнага банка Расійскай імперыі, якія знаходзяцца ў музейным дворыку. Старая цэгла гэтых сцен нагадае аб фартэцах і ўмацаваннях Першай сусветнай вайны, перанясе наведвальнікаў з сучаснага цэнтра Мінска ў тую эпоху.

На выставе будуць прадстаўлены эксклюзіўныя фотаматэрыялы з прыватнай калекцыі У.А. Ліхадзедава, якія дэманструюць, як вайна і мір суіснавалі на беларускай зямлі ў гады Першай сусветнай. Баі і франтавы побыт, догляд за параненымі і трагедыя бежанцаў – усе гэтыя тэмы будуць паказаныя вачыма салдат і мірных жыхароў па абодва бакі фронту. Яркім элементам часовай экспазіцыі стануць унікальныя для Беларусі матэрыяльныя помнікі Першай сусветнай вайны, выстаўленыя ў памяшканнях і на адкрытым паветры: аэраплан, санітарны і эвакуацыйны фургоны, палявая кухня, элементы палявых умацаванняў.

На адкрыцці выставы запрошаны прадстаўнікі пасольстваў Расійскай Федэрацыі, Федэратыўнай Рэспублікі Германія і Рэспублікі Польшча. Чакаецца, што У.А. Ліхадзедаў перадасць дыпламатат шэраг арыгінальных фотаздымкаў часоў Першай сусветнай вайны, як сімвал узаемаразумення і замірэння былых удзельнікаў таго канфлікту.

Куратар праекта: Храмы Аляксандр Васільевіч, намеснік дырэктара музея.

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь
Адрас: г.Мінск, вул. К. Маркса, 12,
Штодня з 11.00 да 19.00
тэл. 327 43 22
histmuseum.by