Выстава «Дзве памяці адной вайны»

16.08.2018 16:00

16 жніўня а 16-й гадзіне ў філіяле Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь “Дом-музей I з'езда РСДРП” адбудзецца адкрыццё выставы “Дзве памяці адной вайны”, падрыхтаванай сумесна з Народным Саюзам Германіі па догляду за ваеннымі магіламі.

У 2018 годзе спаўняецца сто гадоў з моманту заканчэння Першай сусветнай вайны. 3 сакавіка 1918 года ў Брэст-Літоўску прадстаўнікамі Савецкай Расіі з аднаго боку і Цэнтральных дзяржаў (Германіі, Аўстра-Венгрыі, Асманскай імперыі і Балгарскага царства) – з другога, быў падпісаны мірны дагавор, а 11 лістапада складзена дамова аб спыненні ваенных дзеянняў паміж Антантай і Германіей у французскім рэгіёне Пікарды, недалёка ад горада Камп’ен.

Беларусь на працягу трох гадоў знаходзілася ў эпіцэнтры ваенных і палітычных падзей, звязаных з вайной. Ужо ў пачатку 1914 года беларуская зямля стала арэнай галоўных баявых дзеянняў. Тысячы яе жыхароў былі мабілізаваны ў дзеючую армію, астатняе насельніцтва прыцягвалася на абарончыя работы.

Вайна закранула практычна кожную сям'ю па абодва бакі фронту. Сёння нам вельмі важна захаваць памяць пра тысячы салдат, якія загінулі на палях Першай сусветнай вайны.

На выставе, якая створана ўдзельнікамі беларуска-нямецкага моладзевага валанцёрскага лагера, наведвальнікі змогуць пазнаёміцца з ўспамінамі сведак Першай сусветнай вайны, фотадакументамі, а таксама творчымі працамі дзяцей з Беларусі і Германіі, прысвечанымі гістарычным падзеям і асобам першай паловы ХХ стагоддзя.

Таксама ў экспазіцыі будзе прадстаўлена філатэлістычная калекцыя (паштовыя маркі розных краін перыяду 1914 - 1918 гг.).

Дом-музей I з'езда РСДРП
Адрас: г.Мінск, п-т Незалежнасці, 31А
Штодня з 11.00 да 19.00, без выходных
Тэл. для даведак: 290-68-47
www.domusmuseum.histmuseum.by
www.facebook.com/domusmuseum, www.vk.com/domusmuseum