Мастацкая выстава «Шляхамі стагоддзяў»


Мастацкая выстава «Шляхамі стагоддзяў». Национальный исторический музей Республики Беларусь. г. Минск, 2018 г.

9 жніўня а 17-й гадзіне ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь у межах Года малой радзімы адбудзецца адкрыццё мастацкай выставы «Шляхамі стагоддзяў». Экспазіцыя складаецца з выпускных работ вучняў Слуцкай дзіцячай мастацкай школы, на якіх адлюстраваны архітэктурныя помнікі Беларусі: сядзібы, палацы, цэрквы і інш. Крыніцай натхнення для маладых мастакоў сталі фотаматэрыялы аўтарскага праекта беларускага мастака і дызайнера Уладзіміра Цвіркі.

Беларусь – дзіўная краіна з мноствам архітэктурных помнікаў, якія часта нават у занядбаным стане захоўваюць сваю прыгажосць і веліч.

Адкрываць для сябе новыя месцы неабсяжнай Радзімы для мастака-дызайнера і рэстаўратара Уладзіміра Цвіркі – адно з любімых заняткаў. Ён аб'ездзіў практычна ўсю сінявокую, сфатаграфаваў амаль усе гістарычныя помнікі і зразумеў, што іх абавязкова павінны ўбачыць не толькі беларусы, але і замежныя госці. Да прыкладу, вёска Смаляны на Віцебшчыне, што ўяўляе з сябе «музей» маляўнічых руін Смалянскага замка, касцёла Панны Марыі, царквы Святога Алексія.

Кожны з вучняў Слуцкай дзіцячай мастацкай школы абраў для сябе асобны гістарычны аб'ект і “адрадзіў” яго на палатне. У выніку атрымалася багатая калекцыя цікавых твораў, дзе кожны аўтар праявіў сваё індывідуальнае бачанне, творчы падыход і тэхнічнае майстэрства.

Адрас: г. Мінск, вул. К. Маркса, 12
Панядзелак-пятніца: 10.00 – 19.00
Субота, нядзеля: 11.00 – 19.00
Тэлефон: 327-43-22
histmuseum.by

Мастацкая выстава «Шляхамі стагоддзяў». Национальный исторический музей Республики Беларусь. г. Минск, 2018 г.
96