Выстаўка “ФАТОГРАФ СВАЙГО ЧАСУ” (да 120-годдзя з дня нараджэння І.В.Салавейчыка)


Выстаўка
“ФАТОГРАФ СВАЙГО ЧАСУ”
(да 120-годдзя з дня нараджэння І.В.Салавейчыка)

21.09. 2010 – 31.10. 2010

21 верасня 2010 г. а 17-й гадзіне ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адкрываецца выстаўка “Фатограф свайго часу”, прысвечаная 120-годдзю з дня нараджэння старэйшага беларускага фотамайстра, педагога Ісака Восіпавіча Салавейчыка.

Ісак Восіпавіч Салавейчык (1890-1967) нарадзіўся ў г. Беластоку Гродзенскай губерні ў сям’і фатографа. Ягоны дзед і бацька былі ўласнікамі асабістых фотаателье ў Гродне, Слоніме, Нясвіжы і іншых гарадах Беларусі. Ісак Салавейчык – фотакарэспандэнт рэспубліканскіх газет і часопісаў, выкладчык на шматлікіх курсах фотааматараў, пазней выкладаў у спецыялізаванай вучэльні, якая рыхтавала фатографаў-бытавікоў, супрацоўнік рэспубліканскіх выдавецтваў, фатограф “Белдзяржкіно”, музейны фотамайстар.
На выстаўцы будуць прадстаўлены арыгіналы і копіі фатаграфічных прац Ісака Салавейчыка. Гэта фотапартрэты дзеячоў беларускай навукі і культуры, створаныя ў перыяд 1952-1960 гг. пад час працы ў рэдакцыі газеты “Літаратура і мастацтва” і Дзяржаўным мастацкім музеі БССР. Гэтыя фотаздымкі не проста даюць магчымасць узгадаць абліччы гэтых людзей, але дазваляюць адчуць іх характар, акунуцца ў іх унутранны свет.
У 1925 г. Ісак Салавейчык пераехаў у Мінск, фотамастак вельмі палюбіў гэты горад. Шэраг фатаграфій на выстаўцы прысвечаны менавіта яму – ціхаму, утульнаму Мінску1930-1950-х гг. Акрамя фатаграфій у выставачнай зале можна будзе ўбачыць аўтэнтычныя часопісы і друкаваныя выданні 1930-х гг. з фотапублікацыямі І.Салавейчыка, а таксама дакументальныя матэрыялы, якія ўдакладняюць творчую біяграфію фотамайстра.
Выстаўка падрыхтавана Нацыянальным гістарычнам музеем Рэспублікі Беларусь сумесна з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва, Беларускім дзяржаўным архівам кінафотафонадакументаў у Дзяржынску, прыватнымі калекцыянерамі Мінска і Гродна.

27