Выстаўка «Ротмістр Вітольд Пілецкі. 1901 – 1948»

Выстаўка «Ротмістр Вітольд Пілецкі. 1901 – 1948»

29.06. – 24.07.2011
17.00

29 чэрвеня 2011 года а 17-й гадзіне ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца адкрыццё дакументальнай выстаўкі і прэзентацыя кнігі Яцэка Паўловіча «Ротмістр Вітольд Пілецкі. 1901 – 1948». Імпрэза арганізавана Польскім Інстытутам у Мінску.
Вітольд Пілецкі належыў да шляхецкага роду герба Ляліва, малой радзімай якога была Навагрудчына. За ўдзел дзеда Вітольда Пілецкага у паўстанні 1863 г. царскія ўлады канфіскавалі амаль усе землі, якія належылі сям’і. Пілецкія былі вымушаны з’ехаць углыб Расіі, у Карэлію. Але далейшы лёс Пілецкага быў цесна звязаны з родным краем: вучыўся ў Вільні ў камерцыйнай вучэльні, пэўны час жыў на Лідчыне, у 1920 годзе ўдзельнічаў у баявых дзеяннях на тэрыторыі Беларусі.
У жніўні 1939 г. ён паўторна быў мабілізаваны. Змагаўся супраць немцаў у верасні 1939 года, пасля чаго стаў адным са стваральнікаў падпольнай арганізацыі Сакрэтная Польская Армія.
У верасні 1940 г., у час вулічнай аблавы немцаў, ён добраахвотна здаўся ў палон з мэтай апынуцца ў лагеры Асвенцым, дзе ім было арганізавана польскае падполле. У канцы 1943 года Пілецкаму ўдалося уцячы з лагера з двума паплечнікамі. Потым працяг вайны, канспірацыя, Армія Краёва, Варшаўскае паўстанне, разведка, арышт, следства, расстрэл...
Вітольд Пілецкі – постаць легендарная. Ён быў прадстаўніком пакалення, якое марыла пра свабоду і незалежнасць роднай зямлі, мужна змагалася і аддавала сваё жыццё за радзіму, пакалення, выхаванага на традыцыях народных паўстанняў ХІХ ст., сфарміраванага пад заклікам “Бог – Гонар – Бацькаўшчына”.
У імпрэзе прымуць удзел Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь Лешэк Шэрэпка, а таксама прадстаўнікі Інстытута нацыянальнай памяці Яцэк Паўловіч і Войцех Мушынскі.

1420