Круглы Стол, прысвечаны 130-годдзю з дня нараджэння І.Луцкевіча і 90-годдзю заснавання Віленскага беларускага гісторыка-этнаграфічнага музея імя І.Луцкевіча

Круглы Стол, прысвечаны 130-годдзю з дня нараджэння І.Луцкевіча і 90-годдзю заснавання Віленскага беларускага гісторыка-этнаграфічнага музея імя І.Луцкевіча

27.06.2011
10.00

27 чэрвеня 2011 г. а 10-й гадзіне ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь пройдзе Круглы Стол, прысвечаны 130-годдзю з дня нараджэння І.Луцкевіча і 90-годдзю заснавання Віленскага беларускага гісторыка-этнаграфічнага музея імя І.Луцкевіча
Будуць закрануты пытанні першых спроб стварэння Беларускага музея ў Вільні, лёсу яго бібліятэкі, калекцый кніжных выданняў і фотаздымкаў, помнікаў сфрагістыкі і іншыя.У рабоце круглага стала прымаюць удзел гісторыкі, культуролагі, мастацтвазнаўцы, супрацоўнікі музеяў, архіваў, бібліятэк. Сярод іх: вучоны сакратар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, кандыдат культуралогіі А.А.Суша, дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва. Г.В.Запартыка, загадчык аддзела старадрукаў і рэдкіх выданняў Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь В.М.Герасімаў і іншыя. Ад Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, у зборы якога таксама маюцца музейныя прадметы з калекцый Віленскага беларускага гісторыка-этнаграфічнага музея, у пасяджэнні круглага стала бяруць удзел загадчык аддзела пісьмовых і выяўленчых крыніц Н.І.Саўчанка, вядучы навуковы супрацоўнік Ю.М.Лаўрык, навуковыя супрацоўнікі Л.І.Талкачова і А.А.Анушэнка.
Іван Іванавіч Луцкевіч (1881–1919) – палітычны дзеяч, археолаг, этнограф, публіцыст, адзін з пачынальнікаў і ідэйных кіраўнікоў беларускага культурна-асветніцкага і грамадска-палітычнага руху на пачатку ХХ ст. Ён – збіральнік і даследчык беларускіх старажытнасцей, асабістая калекцыя І.Луцкевіча стала асновай Віленскага беларускага гісторыка-этнаграфічнага музея, які існаваў у 1921–1945 гг. Пасля закрыцця музея большасць збораў была перададзена ў Гісторыка-этнагафічны музей Літвы, Цэнтральную бібліятэку Акадэміі навук Літвы, частка з іх трапіла ў музейныя зборы Беларусі.
Шматгранная дзейнасць І.Луцкевіча знайшла адлюстраванне ў навуковых і публіцыстычных выданнях па гісторыі, мастацтву, кніжнай культуры Беларусі, аказала значны ўплыў на творчасць Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча і іншых беларускіх пісьменнікаў і паэтаў. Размова аб гэтым вялася на выставе “Спадчына, якая належыць Беларусі”, прысвечанай 115-годдзю з дня нараджэння І.Луцкевіча і 75-годдзю з часу заснавання Беларускага музея імя І.Луцкевіча (Нацыянальны музей гісторыі і культуры Беларусі, 1996).

1583