Выстаўка дызайнерскага адзення “Пачатак. Музей сучаснай беларускай моды” ( прымеркаваная да Новага года і Калядаў )

Выстаўка дызайнерскага адзення

“Пачатак. Музей сучаснай беларускай моды”
( прымеркаваная да Новага года і Калядаў )

10.12.2010-03.02.2011
17.00
10 снежня а 17-й гадзіне ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адкрываецца выстаўка работ маладых дызайнераў адзення. Яна прысвечана Новаму году і Калядам, адлюстроўвае сучасныя тэндэнцыі ў развіцці беларускай моды.
Не сакрэт, што беларускія мадэльеры займаюць годнае месца ў міжнароднай fashion-індустрыі, работы айчынных дызайнераў уключаны ў шматлікія каталогі сусветнай моды.
На выстаўцы прадстаўлена каля дваццаці мадэлей. Гэта камплекты адзення з нацыянальнага фестывалю-конкурса моды і фота “Млын Моды – 2010”: калекцыя “Touch of Black Milk” дызайнера Марыі Баяроўскай, “Гуляючы ў Марлен” Ірыны Ляднёвай, “Казырная” Марыі Дзейкун, “Героі нашага часу” Наталлі Ляхавец, а таксама шэсць камплектаў адзення з фондаў “Беларускага Цэнтра моды”.
Фестываль-конкурс “Млын Моды” ладзіцца ў Беларусі з 1992 года. За гэты час ён стаў сапраўдным нацыянальным здабыткам, гэта мерапрыемства прыцягвае ўвагу як беларускіх, так і замежных дызайнераў і крытыкаў моды. Галоўны натхняльнік фестывалю “Млын Моды” – кіраўнік цэнтра маладзёжнай моды Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Аляксандр Варламаў.
На сённяшні дзень айчынную моду проста немагчыма ўявіць без Беларускага Цэнтра Моды. Аўтарскія калекцыі дызайнераў Цэнтра Моды з трыумфам дэманструюцца па ўсім свеце.
Галоўная мэта выстаўкі пазнаёміць наведвальнікаў з творчасцю маладых, таленавітых беларускіх дызайнераў адзення.

187