Выстаўка “Пачатак. Музей сучаснай беларускай моды”

Выстаўка “Пачатак. Музей сучаснай беларускай моды”

15.08. - 29.08.2010

15 мая ў рамках міжнароднай акцыі “Ноч музеяў” Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь прапанаваў наведвальнікам выстаўку “Пачатак. Музей сучаснай беларускай моды”. Гэта сумесны праект – беларускіх дызайнераў і супрацоўнікаў музея. Ён адлюстроўвае сучасныя тэндэнцыі ў развіцці беларускай моды.
Не сакрэт, што беларускія мадэльеры займаюць годнае месца ў міжнароднай fashion-індустрыі, работы айчынных дызайнераў уключаны ў шматлікія каталогі сусветнай моды.
На выстаўцы “Пачатак. Музей сучаснай беларускай моды” прадстаўлены лепшыя мадэлі ХІХ нацыянальнага фестывалю моды і фота “Млын Моды – 2010”. Фестываль-конкурс «Млын Моды» праводзіцца з 1992 года. За гэты час ён стаў сапраўдным нацыянальным здабыткам, гэта мерапрыемства прыцягвае ўвагу як беларускіх, так і замежных дызайнераў і крытыкаў моды. Выстаўка, якая праходзіць у музеі, знаёміць наведвальнікаў з работамі маладых беларускіх дызайнераў: Мікалая Нідадзірава, сясцёр Фёдаравых, Інэсы Пташнік, Ганны Драгацэннай. Мадэлі Таццяны Тур, Вольгі Парфяновіч, Кацярыны Сафонавай, Веранікі Кукалкі і Кацярыны Бурак прадстаўляюць камплекты жаночага адзення, а дызайнеры Наталля Яскевіч і Юлія Шантор не абмінулі ўвагай адзенне для дзяцей і падлеткаў. Усе мадэлі – гэта сучасная інтэрпрэтацыя маладымі дызайнерамі народнага і саслоўнага беларускага касцюма.
Галоўны натхняльнік фестывалю “Млын Моды” - кіраўнік цэнтра маладзёжнай моды Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Аляксандр Варламаў прадставіў для шырокага агляду частку работ са сваіх калекцый. На выстаўцы таксама можна пазнаёміцца з мадэлямі вядомага дызайнера– эксперыментатара Івана Айплатава, неаднаразовага прызёра і ўладальніка Гран-пры міжнародных конкурсаў моды.
На сённяшні дзень айчынную моду проста немагчыма ўявіць без Беларускага Цэнтра Моды. Аўтарскія калекцыі дызайнераў Цэнтра Моды з трыумфам дэманструюцца па ўсім свеце. Сучасныя накірункі вытворчасці Беларускага Цэнтра Моды прадстаўлены работамі яго мастацкага кіраўніка, аўтарытэтнага прадстаўніка fashion-індустрыі Беларусі Эльвіры Жвікавай, пастаяннага ўдзельніка “Тыдня Моды ў Беларусі” дызайнера Анастасіі Карнеевай, праектам “Галерэя Льну”.
Выстаўка працягне сваю работу да пачатку восені 2010 года.

207