Міжнародная выстава “Старажытныя грошы Усходу – срэбра і папера”


2 жніўня 2019 г. у 17.00 у Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца адкрыццё міжнароднай выставы “Старажытныя грошы Усходу – срэбра і папера”, арганізаванай сумесна з Шэньянскім фінансавым музеем (Кітайская Народная Рэспубліка).

Шэньянскі фінансавы музей знаходзіцца ў сталіцы правінцыі Ляанін горадзе Шэньян. Гэта адзін з самых буйных і папулярных у Кітаі музеяў фінансавага профілю, які ашчадна захоўвае традыцыі камерцыйнай і дзелавой сталіцы паўночнага ўсходу КНР. У 2018 г. Шэньянскі фінансавы музей падпісаў дамову аб супрацоўніцтве з Нацыянальным гістарычным музеем Рэспублікі Беларусь.

Музей валодае ўнікальнай калекцыяй з больш чым 6000 манет, банкнот, сліткаў каштоўных металаў і іншых грашовых сродкаў, якія выкарыстоўваліся ў Кітае з старажытных часоў і да нашага часу. На выставе ў Мінску будуць прадстаўлены дакладныя копіі грашовых адзінак Кітая, срэбраных зліткаў і банкнот ад эпохі дынастыі Тан (VII–X стст. н.э.) да канца праўлення дынастыі Цын (пачатак ХХ ст). Арыгіналамі будуць прадстаўлены сучасныя калекцыйныя манеты і банкноты КНР, якія дэманструюць захаванне традыцый старажытных майстроў.

Выстава “Старажытныя грошы Усходу – срэбра і папера” пазнаёміць аўдыторыю з асаблівасцямі традыцыйнай фінансавай сістэмы Кітая. Выстава Шэньянскага фінансавага музея пакажа, якую ролю ў эканоміцы кітайскай цывілізацыі адыгралі срэбраныя зліткі, як узніклі і развіваліся папяровыя грошы, што здзівілі і зачаравалі ў свой час Марка Пола. Наведвальнікі адкрыюць для сябе малавядомыя старонкі гісторыі старажытнай цывілізацыі, пабачаць сучасная грашовыя сродкі Кітайскай Народнай Рэспублікі.

Сумесны выставачны праект Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь і Шэньянскага фінансавага музея будзе садзейнічаць паглыбленню сяброўства паміж Беларуссю і Кітаем, дазволіць народам нашых краін яшчэ лепей пазнаць адзін аднаго.

Выстава працуе да 18 жніўня.

Куратар праекта: Лесін Аляксей Аляксандравіч, навуковы супрацоўнік навукова–метадычнага аддзела Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь (+375 44 7808653)

Праект рэалізуецца ў межах мемарандума аб супрацоўніцтве, падпісанага паміж Нацыянальным гістарычным музеем Рэспублікі Беларусь і Шэньянскім фінансавым музеем.