Выстаўка “Ван Дэйк і яго эпоха” (гравюра са збору Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея)

Выстаўка
“Ван Дэйк і яго эпоха”
(гравюра са збору Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея)

13.04-09.05.2011

13 красавіка а 17-й гадзіне ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адкрываецца выстаўка “Ван Дэйк і яго эпоха” са збору Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея. Выстаўка дэманструе творы графікі і жывапісу 17–18 ст., аб'яднаныя жанрам партрэта.
Асноўную частку экспазіцыі складаюць гравюры Антоніса ван Дэйка (1599–1641) — знакамітага фламандскага мастака 17 ст., вучня і паплечніка славутага Пітэра Паўля Рубенса. У гісторыю сусветнага мастацтва Ван Дэйк увайшоў перш за ўсё як партрэтыст. Партрэтнае мастацтва было яго творчай місіяй — той сферай, дзе ён не толькі сказаў сваё ўласнае слова, але і стварыў асаблівы стыль. На выставе прадстаўлена частка знакамітай “Іканаграфіі” Ван Дэйка – галерэі выяў знакамітых сучаснікаў мастака – дзяржаўных дзеячоў, военачальнікаў, вучоных, мастакоў. Партрэты дэманструюць не толькі выдатнае майстэрства, але і ўтрымліваюць светаадчуванне сваёй эпохі, захоўваюць вобразы людзей, якія жылі побач з Ван Дэйкам.
Апроч таго, на выставе прадстаўлены вытанчаныя графічныя творы знакамітых еўрапейскіх мастакоў 17 – 18 ст., якія прымалі ўдзел у стварэнні “Іканаграфіі”. Сярод іх фламандскі майстар Пітэр Паўль Рубенс (1577 – 1640), швейцарскі мастак Іаган Каспар Фюслі (1706–1782), нямецкі мастак Іаган Купецкі (1667–1740), французскі мастак Жан Баціст Гроз (1725–1805), галандскія мастакі Герард Доўв (1613–1675) і Іаган Фрыдрых Баўзэ (1738–1814) і іншыя.
Мастацтва еўрапейскага партрэта 17–18 ст. аказала ўплыў і на развіццё партрэтнага жанра Рэчы Паспалітай, у тым ліку і на тэрыторыі сучаснай Беларусі. У мастацтве Рэчы Паспалітай адбывалася ўзаемадзеянне еўрапейскай стылістыкі з самабытнай нацыянальнай традыцыяй, вынікам чаго з'явіліся рэпрэзентатыўныя жывапісныя партрэты невядомых мастакоў 18 ст.
Партрэты мінулых стагоддзяў дэманструюць выдатнае майстэрства славутых творцаў, утрымліваюць светаадчуванне розных культурных эпох, а таксама захоўваюць вобразы людзей для будучых пакаленняў.

229