Выстаўка “Полацкі залаты скарб”

19 студзеня 2011 г. а 16-й гадзіне Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь сумесна з Нацыянальным Полацкім гісторыка-культурным музеем-запаведнікам ладзяць выстаўку “Полацкі залаты скарб”, на якой шырокай увазе наведвальнікаў будзе прадстаўлены ўнікальны скарб Х стагоддзя з горада Полацка.
“Полацкі скарб” быў выпадкова знойдзены ў 1984 годзе на тэрыторыі Ніжняга Замка ў Полацку пад час правядзення работ па добраўпарадкаванню горада. Скарб уяўляе сабой рэшткі залатых ювелірных упрыгожанняў эпохі Вікінгаў і з’яўляецца вельмі рэдкай і каштоўнай гістарычнай знаходкай. Ён пацвярджае гандлёвыя сувязі Полацкай зямлі з краінамі Паўночнай Еўропы і Кіевам. Гэтыя ўпрыгожанні адкрываюць нам падрабязнасці побыту ранняга Сярэднявечча, тэхнічныя прыёмы майстроў мінулага – ліццё, валачэнне, коўка, пляценне і скручванне. Скарб распавядае аб эканоміцы тых часоў, бо яго маглі выкарыстоўваць у якасці грашовага эквівалента.
Выстаўка “Полацкі залаты скарб” з’яўляецца адным з выніковых мерапрыемстваў рэспубліканскай акцыі “Культурная сталіца Беларусі”. Акцыя па выбару культурнай сталіцы нашай Бацькаўшчыны распачалася ў 2010 г. па ініцыятыве Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Гэтая традыцыя доўгі час (з 1985 г.) існуе ў Еўропе і падкрэслівае нашую прыналежнасць да агульнаеўрапейскага кантэксту. У 2010 г. афіцыйны статус першай культурнай сталіцы атрымаў Полацк за велізарны ўклад у развіццё беларускай культуры і захаванне гістарычнай спадчыны.
Полацкая зямля – адно з буйнейшых і самых ранніх ва Усходняй Еўропе дзяржаўных утварэнняў. Дзякуючы выставе “Полацкі залаты скарб” жыхары і госці афіцыйнай беларускай сталіцы – горада Мінска – маюць унікальную магчымасць пазнаёміцца з невялікай часткай полацкай гістрычнай спадчыны.