Выстаўка “Няскончаная п’еса для механічнага шыла”

Выстаўка
“Няскончаная п’еса для механічнага шыла”

18.11.2010 – 09.01.2011
17.00

18 лістапада 2010 года ў 17.00 ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адкрываецца выстаўка швейных машынак “Няскончаная п’еса для механічнага шыла” . Пад час адкрыцця выстаўкі адбудзіцца паказ мадэляў студэнтаў Інстытута сучасных ведаў і выступленне групы “Нагуаль”.
Выстаўка падрыхтавана Нацыянальным гістарычным музем Рэспублікі Беларусь і Беларускім саюзам дызайнераў, з удзелам прыватных калекцыянераў Сяргея Шыла, Паўла Статкевіча, Зміцера Сурскага .
Швейная машынка для розных пакаленняў не проста абавязковы атрыбут сямейнага побыту, адначасова гэта культурны і тэхналагічны фетыш, прадмет мастацтва, фамільная рэліквія і сродак творчай рэалізацыі і нават першага бізнэсу. А на сённяшні дзень яна ўжо з’яўляецца аб’ектам калекцыянавання і эстэтычнай асалоды. Пад час працы яна стварае свой непаўторны гук, што ператварае яе з “ткацкага” ў музычны інструмент.
Швейная машынка з'яўляецца носьбітам стылю і люстэркам эпохі, яна здольная мяняць сваё аблічча пад уплывам часу і моды. Акрамя таго, кожная машынка звязаная з асобай пэўнага чалавека, яго сям'ёй, што надае ёй вызначаную індывідуальнасць. Беларусь, размешчаная ў сэрцы Еўропы, уяўляе сабой цэнтр вытворцаў машынак з усяго свету, ад легендарнага Singer, Pfaff, Kaiser, да рэдкіх малавядомых марак. Для Беларусі дадзеная выстаўка важная яшчэ і тым, што ў мястэчках і гарадах даўно склалася досыць развітая рамесная вытворчасць.
Цяпер старыя швейныя машынкі паступова сыходзяць з паўсядзённага жыцця. Таму важна не прапусціць гэты момант, калі машынка ўжо губляе свае ўтылітарныя функцыі і пераўтвараецца ў аб'ект эстэтычнай асалоды, але яшчэ не цалкам адрываецца ад штодзённасці, звязваецца з успамінамі дзяцінства, сямейнай памяццю…
У рамках выстаўкі наведвальнікі змогуць атрымаць разгорнутую інфармацыю аб асноўных вытворцах швейных машын XIX–XX стст., убачыць спадарожныя атрыбуты краўцоў (манекены, нажніцы, прасы, тэкстыль мінулых гадоў і інш.), ілюстрацыйны матэрыял па гісторыі моды і рэкламу.
Выстаўка “Няскончаная п’еса для механічнага шыла” стане рыскай да гістарычнага партрэта эпохі мадэрнізму, паноптыкумам шэдэўраў прамысловага дызайну XIX–XX стст., і данінай пашаны тэхнічнаму генію чалавека – швейнай машынцы.

1905