Выстаўка “Рукам праца – сэрцу натхненне”

Выстаўка 22.09 -20.10 2010.

“Рукам праца – сэрцу натхненне”

з цыкла выставак “Каляровыя ніты горада”

Сучасны свет вельмі хутка развіваецца ў галіне высокіх тэхналогій, што адбіваецца на побыце чалавека. І як важна і каштоўна, каб прыгажосць, прывабнасць і цеплыня прысутнічалі ў інтэр’еры, адзенні і хатніх рэчах.

Ужо 20 гадоў збіраюць вакол сябе таленавітых людзей курсы сучаснага дэкаратыўна- прыкладнога мастацтва “Хоббі-курсы”. І як сапраўдныя творцы, яны жадаюць дзяліцца сваімі думкамі, натхненнем, ідэямі і вобразамі з гледачамі.
У філіяле Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь “Дом-музей І з’езда РСДРП” 22 верасня (серада) 2010 года а 17–й гадзіне адкрываецца выстаўка “Рукам праца – сэрцу натхненне”, якая прадэманструе цудоўныя рэчы, выкананыя майстрамі курсаў у розных тэхніках дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Кожны наведвальнік зможа пазнаёміцца са шматлікімі відамі рамёстваў, якімі захапляюцца сучасныя майстры ў горадзе і мястэчках: а гэта ручная вышыўка, вышыўка з дапамогай швейнай машынкі, вышыўка золатам, карункапляценне, праца з бісерам, шпалернае ткацтва, роспіс па тканіне, выраб самаробных паштовак, тэкстыльных лялек, абрэзкавая мазаіка.
У рамках выстаўкі 25 верасня а 12 гадзіне запланавана правядзенне “Кірмашу”: будзе наладжаны продаж вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ва ўнутраным дворыку музея.
Да Міжнароднага Дня Маці 14 кастрычніка майстры “Хоббі-курсаў” правядуць для ўсіх жадаючых серыю майстар-класаў (арыгамі, паштоўкі, бісер, валянне).

159