Выстаўка “Надзея Рыгораўна Грэкава – дзяржаўны дзеяч” (да 100-годдзя з дня нараджэння Н.Р.Грэкавай)

Выстаўка

“Надзея Рыгораўна Грэкава – дзяржаўны дзеяч”
(да 100-годдзя з дня нараджэння Н.Р.Грэкавай)

16.09. 2010 – 10.10. 2010

16 верасня 2010 года а 17-й гадзіне ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адкрываецца выстаўка “Надзея Рыгораўна Грэкава – дзяржаўны дзеяч”

Імёны якіх жанчын-палітыкаў мы ведаем? Каралева Елізавета, Маргарэт Тэтчар, Хілары Клінтан, Ірына Хакамада…У беларускай гісторыі ХХ стагоддзя была свая “жалезная ледзі” – Надзея Рыгораўна Грэкава. Ушанаванню 100-гадовага юбілю з дня нараджэння першай жанчыны ў беларускай вялікай палітыцы прысвечана выстаўка “Надзея Рыгораўна Грэкава – дзяржаўны дзеяч”.
Надзея Рыгораўна Грэкава (1910 – 2001 гг.) – палітычны і дзяржаўны дзеяч БССР. Нарадзілася 17 верасня 1910 года ў Мінску ў сям'і рабочага-чыгуначніка. З 12-ці гадоў працавала на швейнай фабрыцы, актыўна займалася грамадскай дзейнасцю, скончыла вышэйшую партыйную школу. У складаны гістарычны перыяд ва ўзросце 28-мі гадоў Надзея Рыгораўна становіцца адной з вышэйшых палітычных асоб у краіне. У 1938 годзе Н.Р.Грэкава абрана на пост Старшыні Вярхоўнага Савета Беларусі (1938 – 1947), у 1943 – 1946 гг. займала пасаду намесніка старшыніСавета Народных Камісараў БССР, міністра харчовай прамысловасці БССР (1949 – 1952), першага намесніка міністра харчовай прамысловасці РСФСР (1949 – 1952), з 1939 па 1952 гг. з’яўлялася членам Цэнтральнай Рэвізійнай Камісіі ВКП(б) (1939 – 1952). Муж –Міхаіл Сяргеевіч Малінін (1899 – 1960), генерал, Герой Савецкага Саюза. Існуе меркаванне, што пасадзейнічаў іх знаёмству І. Сталін.
Надзея Рыгораўна ўзнагароджана двума ордэнамі Леніна, ордэнам Айчыннай вайны першай ступені, ордэнам Працоўнага Чырвонага сцяга, ордэнам Знак пашаны і медалямі. У гонар Надзеі Рыгораўны названы Цэнтральны парк у Ленінскім раёне г. Мінска, які знаходзіцца на вуліцы імя генерала Малініна, яе мужа.
Выстаўка знаёміць наведвальнікаў з жыццём і дзейнасцю віднага палітычнага дзеяча, унікальнай асобы, самай высокапастаўленай жанчыны ў палітычнай гісторыі Беларусі ХХ стагоддзя. На прыкладзе лёсу Надзеі Рыгораўны перададзены дух часу, ідэалы, гістарычная сітуацыя Савецкай Беларусі 1930-1950-х гадоў. На выстаўцы будуць упершыню прадстаўлены асабістыя рэчы, фотаздымкі, дакументы з архіва Н.Р.Грэкавай, а таксама матэрыялы, прысвечаныя яе асобе. Выстаўка невялікая па свайму фармату, але знаёміць з рознымі бакамі жыцця палітычнай дзеячкі. Скураны партфель, імянны блакнот дэпутата Вярхоўнага Савета, працоўная кніжка і інш. распавядаюць пра прафесійную кар’еру, а шлюбны строй, сумачка для прыёмаў адлюстроўваюць эпізоды асабістага жыцця.
Выстаўка падрыхтавана пры дапамозе сына і пляменніка Н.Р. Грэкавай.

1930