Выстаўка "Памяць пра Грунвальдскую перамогу"

“Памяць пра Грунвальдскую перамогу”
(да 600-годдзя Грунвальдскай бітвы)

3.08. 2010 –29. 08. 2010

3 жніўня 2010 года а 17-й гадзіне ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адкрываецца выстаўка «Памяць пра Грунвальдскую перамогу», прысвечаная 600-м угодкам Грунвальдскай бітвы. Выстаўка арганізавана Пасольствам Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь.

15 ліпеня 1410 г. у гістарычнай бітве пад Грунвальдам аб’яднаныя сілы Польскага каралеўства і Вялікага княства Літоўскага разбілі войска Нямецкага ордэна. Гэта была адна з найбольш значных бітваў у гісторыі сярэднявечнай Еўропы. У 2010 годзе з нагоды святкавання славутай гістарычнай падзеі запланаваны разнастайныя ўрачыстыя мерапрыемствы па ўсёй Еўропе. Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь далучыўся да святочнай кампаніі яшчэ ўвесну, калі пры падтрымцы Міністэрства культуры сумесна з Беларускім саюзам мастакоў была арганізавана мастацкая выстаўка “Вобразы мінуўшчыны”.
У Літоўскай Рэпубліцы на працягу 2010 года ажыццяўляецца дзяржаўная праграма па ўшанаванню 600-годдзя Грунвальдскай бітвы. Мастацкі музей Літвы разам з Міністэрствам замежных спраў Літоўскай Рэспублікі і Варшаўскім нацыянальным музеем падрыхтаваў выстаўку “Памяць пра Грунвальдскую перамогу”. Выстаўка прадстаўлена дваццаццю стэндамі, на якіх выразна раскрываецца перадгісторыя бітвы, складаная міжнародная сітуацыя тых часоў, падаецца храналогія і тактыка ваенных дзеянняў, а таксама наступствы і гістарычнае значэнне перамогі.
Галоўная мэта выстаўкі “Памяць пра Грунвальдскую перамогу” – зацікавіць шырокія колы грамадства старажытнай гісторыяй, пазнаёміць з найноўшымі даследаваннямі Грунвальдскай бітвы, з сучасным разуменнем яе значэння.
Выстаўка будзе экспанавацца ў Беларусі, на Украіне, у Расіі, Чэхіі і Аўстрыі, бо народы гэтых краін бралі ўдзел у Грунвальдскай бітве. Выстаўка “Памяць пра Грунвальдскую перамогу” – чарговая спроба аб’яднаць гістарычную памяць гэтых дзяржаў.

147