Выстаўка "Вобразы мінуўшчыны" да 600-годдзя Грунвальдскай бітвы

Вобразы мінуўшчыны
(да 600-годдзя Грунвальдскай бітвы)
15.05 – 13.06.2010
18.00
15 мая 2010 года а 18-й гадзіне ў рамках міжнароднай акцыі “Ноч музеяў” у Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца адкрыццё мастацкай выстаўкі “Вобразы мінуўшчыны”, прысвечанай 600-годдзю Грунвальдскай бітвы. Дадзеная выстаўка – сумесны праект музея з Беларускім саюзам мастакоў (уваход па запрашальных білетах).
Грунвальдская бітва – вырашальная бітва Вялікай вайны 1409–1411 гадоў паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Польшчай з аднога боку і Тэўтонскім ордэнам з другога. Войскі саюзнікаў, якія ўзначальвалі Вітаўт і Ягайла, ушчэнт разбілі крыжакоў. Перамога саюзных войскаў падарвала магутнасць ордэна і паклала канец нападам крыжакоў на беларускія, літоўскія і польскія землі. У 2010 годзе з нагоды святкавання гэтай славутай гістарычнай падзеі ў Рэспубліцы Беларусь запланаваны разнастайныя ўрачыстыя мерапрыемствы, якія праходзяць пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.
На выстаўцы прадстаўлены жывапісныя творы, скульптурныя працы, станковая і кніжная графіка беларускіх мастакоў: Гаўрыіла Вашчанкі, Уладзіміра Савіча, Міколы Купавы, Паўла Татарнікава, Уладзіміра Вішнеўскага, Сяргея Бандарэнкі, Сяргея Гумілеўскага і іншых, у творчасці якіх значнае месца займае гістарычная тэматыка.
Усе творы, размешчаныя на выстаўцы, аб’яднаны агульнай гістарычнай тэматыкай і адлюстроўваюць слаўныя старонкі беларускай гісторыі. У экспазіцыі шырока прадстаўлены амаль ўсе мастацкія жанры: партрэт, краявід, батальны жанр і інш. Пачэснае месца займае тут гістарычны партрэт. Гэта выявы князёў Альгерда, Кейстута, Вітаўта, Ягайлы і іншых постацей, чые славутыя імёны ўпісаны ў нашу гісторыю. У сваёй рабоце над вобразамі мінуўшчыны мастакі творча выкарыстоўвалі кніжныя мініяцюры, жывапісныя партрэты мастакоў мінулых стагоддзяў, імкнучыся пры гэтым перадаць сваё асабістае бачанне той ці іншай асобы.

230