Выстава «Экспануецца ўпершыню. З паступленняў 2009 года ў збор Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь»

2 сакавіка 2010 года а 17-й гадзіне ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адкрываецца выстава «Экспануецца ўпершыню. З паступленняў 2009 года ў збор Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь».
Выстава “Экспануецца ўпершыню” – другая з выставачнай серыі доўгатэрміновага пректу, рэалізацыя якога пачалася ў мінулым годзе. Яна знаёміць культурную грамадскасць з новымі паступленнямі Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь.
У 2009 годзе музей, як ніколі раней, павялічыў свой збор – у фонд паступіла больш за 15 тысячаў прадметаў. Найбольш узбагаціліся калекцыі дакументаў і фарфора, фотаздымкаў, нумізматыкі. У экспазіцыі будзе прадстаўлена самае значнае з паступленняў мінулага году: ад унікальных старадрукаў XVII ст. з рассеянай бібліятэкі бернардынскага кляштара ў Будславе да спартыўнай формы ўдзельнікаў беларускай дэлегацыі на ХХІХ летніх Алімпійскіх гульнях 2008 г. у Пекіне; ад выдатных акварэляў мастака Міхаіла Горшмана, выкананых у Беларусі ў 1958 г., да лічбавых копіяў партрэтаў магнатаў 18 ст. Паштоўкі ваеннага часу з асабістага сямейнага архіву, адабраныя для экспанавання, кранаюць шчырасцю і цеплынёй, дакументы Імператарскай пецярбургскай канцылярыі ўражваюць дасканалай каліграфіяй пісьма.
Упершыню за ўсю гісторыю існавання музея ў яго збор прыняты сучасныя прадметы культавага прызначэння: літургічне адзенне і асабістыя рэчы главаў беларускай праваслаўнай царквы і беларускага каталіцкага касцёла – экзарха ўсяе Беларусі Філарэта і арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча. На выставе будуць прадстаўлены прадметы з архіву знакамітага тэлежурналіста Аляксандра Чуланава, імя якога было паролем для ўсіх аматараў турыстычнага руху ў былым Савецкім Саюзе. Новыя набыткі ў калекцыі фарфора – гэта лепшыя ўзоры прадукцыі шырокага попыту і аўтарскія работы майстроў Мінскага фарфоравага завода.
Гэтай выставай музей не толькі інфармуе наведвальнікаў аб новых набытках, але выказвае падзяку тым людзям і тым арганізацыям, якія зрабілі дар музейным калекцыям.

159